ЦЁРКС І КА́ЙКАС, Цёркс і Кайкас астравы (Turks and Caicos Islands),
уладанне Вялікабрытаніі ў паўд.-ўсх.ч. архіпелага Багамскія а-вы ў Атлантычным ак. Уключаюць 2 аднайм. групы астравоў (каля 40 астравоў, з іх 8 населеныя). Пл. 430 км². Нас. 18,7 тыс.чал. (2002). Адм. ц. — Коберн-Таўн на в-ве Гранд-Цёрк. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень канстытуцыі (30 жн.).
Прырода. Астравы нізінныя, складзены з вапнякоў, акаймаваны каралавымі рыфамі. Пашыраны карст. Клімат трапічны, пасатны; дажджлівы перыяд з мая да кастрычніка. Сярэднія месячныя т-ры 23—27 °C, ападкаў больш за 1000 мм. Моцныя вятры, частыя ўраганы. Шмат салёных азёр. Прэснай вады мала. Зараснікі вечназялёных хмызнякоў, гаі какосавых пальмаў.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва негры і мулаты. Жывуць таксама англічане і амерыканцы (абслуговы персанал і ваеннаслужачыя ваенна-марской базы ЗША). Вернікі — пераважна пратэстанты (баптысты, метадысты, англікане). Сярэдняя шчыльн. 43,6 чал. на 1 км². У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 20% эканамічна актыўнага насельніцтва, у абслуговых галінах 80%.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў, афшорная фін. дзейнасць і рыбалоўства. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) складае 128 млн.дол., каля 7,3 тыс.дол. на 1 чал. (1999). Штогод краіну наведвае каля 93 тыс. турыстаў, пераважна з ЗША. Асн. даход адміністрацыі астравоў — банкаўскі і фін. сектары. На Ц. і К. замежныя кампаніі вызвалены ад падаткаў на прыбытак, адсутнічае кантроль над аперацыямі з валютай. Рыбалоўства мае экспартнае значэнне. Улоў рыбы і морапрадуктаў каля 1,6 тыс.т штогод, у т. л. каля 1 тыс.т лангустаў. На астравах найб. ў свеце ферма па вырошчванні малюскаў. Ёсць невял. рыбакансервавыя прадпрыемствы. Вытв-сць электраэнергіі 5 млн.кВт∙гадз (2000). Здабыча солі. Саматужныя промыслы. Магчымасці сельскай гаспадаркі абмежаваны беднасцю глеб і недахопам вады. Апрацоўваецца каля 2% плошчы. Вырошчваюць кукурузу, бабовыя, маніёк, какосы, цытрусавыя, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Птушкагадоўля. Унутр. транспарт аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 121 км. Гал. парты: Коберн-Таўн, Провідэнсьялес. 8 аэрапортаў, у т. л. 4 міжнар. (на а-вах Гранд-Цёрк, Саўт-Кайкас, Норт-Кайкас, Провіндэнсьялес). Экспарт (13,7 млн.дол., 1999) амараў, лангустаў, марскіх ракавін. Імпарт (175,6 млн.дол., 1999) прадуктаў харчавання, тытуню, паліва, прамысл. тавараў, буд. матэрыялаў. Гал.гандл. партнёры: ЗША, Вялікабрытанія. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Гісторыя. Астравы адкрыты іспанцамі ў 1512, у 17 ст. заселены каланістамі з Багамскіх а-воў. З 1766 уладанне Вялікабрытаніі. У 1874—1962 у адм. падпарадкаванні Ямайкі. У 1959 астравы атрымалі ўнутр. самакіраванне, 30.8.1976 прынята канстытуцыя. На в-ве Гранд-Цёрк базы ВВС і ВМС ЗША. На выбарах у Заканад. сход 4.3.1999 перамагла партыя Нар.дэмакр. рух (правячая з 1995). Губернатар са студз. 2000 М.Джонс, гал. міністр са студз. 1995 Д.Тэйлар. Паліт. партыі: Нар.дэмакр. рух і Прагрэс. нацыянальная партыя. Дзейнічае Прафсаюз прамысл. рабочых Сент-Джорджэса.